Победитель ННД

Падняцца на 12 прыступак каштуе інваліду 55 мільёнаў

Падняцца на 12 прыступак каштуе інваліду 55 мільёнаўУ сацыяльных службах інваліду-вазочніку параілі самому шукаць спонсара для пакупкі пад’ёмніка, на якім бы ён змог падымацца па лесвіцы дадому.

Колькасць інвалідаў у Беларусі складае больш за 5% ад усяго насельніцтва. Еўрарадыё высветліла, як яны змагаюцца за права быць паўнавартаснымі прадстаўнікамі грамадства.

Інвалід-вазочнік Анатоль Міхайлоўскі жыве ў пасёлку Бараўляны Мінскага раёна. Замежныя спонсары дапамаглі яму набыць аўтамабіль, кватэру, а вось на новы пандус грошай не хапіла. Карыстацца старым пандусам і з’ездамі Анатоль не можа: вугал нахілу ў чатыры разы перавышае норму.

“Бетонныя з’езды пад 45 градусаў. І зрабілі іх чамусьці не з боку ручкі, а з боку завесаў дзвярэй. Развярнуцца немагчыма – вазок падае з ганка”, - распавядае Анатоль.

Не можа інвалід-вазочнік самастойна пераадолець і дванаццаць прыступак у пад’ездзе. З’езд тут зроблены, аднак, як кажа Міхайлоўскі, толькі для справаздачнасці, ён не адпавядае ніякім нормам.

Анатоль Міхайлоўскі: “Нават мой дваццацітрохгадовы сын па гэтым з’ездзе не заўжды можа падняць мяне разам з вазком. Да паловы дацягвае і кажа: “Не тата, давай назад! Немагчыма”.

Нядаўна Анатоль даведаўся, што ў Баранавічах выпускаюць бакавыя пад’ёмнікі “ПБР-1”. Аднак кошт аднаго такога пад’ёмніка - 55 мільёнаў. У райвыканкаме і ў сацыяльных службах інваліду нічым не дапамаглі, параілі шукаць новых спонсараў за мяжой.

Анатоль Міхайлоўскі: “Цяпер я напісаў другі зварот у райвыканкам, у якім паўтарыў сваю просьбу: каб мне дапамаглі набыць пад’ёмнік ПБР-1 і каб з вуліцы зрабілі нармальны пандус. Акрамя таго, я папрасіў, каб мне назвалі прозвішчы ўдзельнікаў камісіі з райвыканкама, якая прымала гэты дом”.

Адстойваць свае правы Анатолю Міхайлоўскаму дапамагаюць спецыялісты з Офіса па правах людзей з інваліднасцю. У Мінску ён працуе ўсяго 9 месяцаў, аднак за гэты нядоўгі тэрмін па дапамогу сюды звярнулася ўжо больш за тысячу чалавек. Цяпер тут працуюць над праграмай “Даступнасць”, якая мае дапамагчы людзям з інваліднасцю адчуць сябе паўнавартаснымі прадстаўнікамі грамадства.

“Мы праводзім інфармацыйную кампанію па барацьбе з бар’ерамі, з якімі людзі з інваліднасцю сутыкаюцца кожны дзень. Маюцца на ўвазе не толькі “архітэктурныя” бар’еры, такія як пандусы, але і бар’еры нябачныя. Напрыклад, у прававой сферы, у сферы адносінаў з іншымі людзьмі. Усё, што перашкаджае чалавеку з інваліднасцю адчуваць сябе паўнавартасным і жыць нармальным жыццём”, - кажа прэс-сакратар Офіса Таісія Пастухова.

Жыць “нармальным” жыццём хоча кожны, не выключэнне і Мікалай Герасімовіч з вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёна. Пасля аўтамабільнай аварыі малады чалавек застаўся інвалідам другой групы. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, Мікалай здолеў атрымаць дыплом юрыста. Знайсці працу для чалавека, які мае праблемы з вымаўленнем і з каардынацыяй руху, няпроста, але ж Герасімовіч змог і гэта: на палову стаўкі ён уладкаваўся на Дварэцкі льнозавод. Вось толькі працадаўца не змог убачыць у ім паўнавартаснага працаўніка і чалавека, кажа Мікалай.

Мікалай Герасімовіч: “Калі я ўладкоўваўся на працу, дырэктар паабяцаў, што праз год возьме мяне на поўную стаўку. Год мінуў, мой першы кантракт скончыўся, я падышоў да дырэктара і кажу: “Ігар Ігнацьевіч, вы ж бачыце, я са сваімі абавязкамі спраўляўся, давайце заключым кантракт на поўную стаўку, як вы абяцалі.” А ён мне на гэта адказаў: "Нашто табе поўная стаўка? У цябе ж пенсія ёсць”.

Тады Мікалай пачаў шукаць новую працу, звяртаўся па дапамогу ў райвыканкам, пабываў на прыёме ў аднаго з мясцовых дэпутатаў.

“Ён мне паабяцаў, што зробіць усё магчымае, каб дапамагчы, але маё пытанне накіраваў чамусьці ў сельскагаспадарчае ўпраўленне. Адтуль я атрымаў адпіску, што вакансій для мяне няма”, - кажа Мікалай Герасімовіч і выказвае думку, што ўся праблема ў нашым грамадстве.

З ім пагаджаюцца і спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Так, на думку яго каардынатара Сяргея Драздоўскага, наша грамадства не гатовае ўспрымаць такіх людзей як роўных. Не гатовае бачыць у іх паўнапраўных і актыўных удзельнікаў грамадскага жыцця.

https://news.tut.by/society/281152.html

Related posts

Leave a Reply

Войти с помощью: 

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.